Фестываль нацыянальных культур у Гародні пройдзе 5-6 чэрвеня



 XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гародні пройдзе 5-6 чэрвеня, паведаміла журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка.

На фестывалі будуць прадстаўлены 35 нацыянальнасцей. „Фестываль сам па сабе ўнікальны, – сказала Вольга Антоненка. – Гародня цяпер збірае матэрыял ад нашых дыяспар, каб стварыць кнігу, прысвечаную нацыянальным культурным, грамадскім аб’яднанням, якія ёсць у Беларусі і з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі гэтага фестывалю”.

На гэты раз ад кіраўнікоў дыяспар паступіла прапанова правесці на палях фестывалю вечар дружбы. „Цяпер прапрацоўваем гэта пытанне. На працягу ўсіх дзён работы фестывалю нацыянальнасці паказваюць сваю культуру гасцям, а цяпер мы яшчэ хочам зрабіць вечар дружбы. Плануем сабраць усе нацыянальнасці за адным сталом або вакол вогнішча – фармат пакуль яшчэ абмяркоўваецца. Гэта будзе шматнацыянальнае свята, дзе можна будзе паразмаўляць, патанцаваць, разам выканаць песні”, – адзначыла дырэктар цэнтра.

Вольга Антоненка дадала, што ўсе нацыянальныя аб’яднанні вельмі сур’ёзна рыхтуюцца да фестывалю ў Гародні і кожны год імкнуцца здзівіць гасцей сваіх падворкаў.

belta.by