Фестываль „Песня года Беларусі – 2017” пройдзе ў Маладзечне 23 чэрвеня



Музычны фестываль „Песня года Беларусі – 2017” пройдзе на сцэне Летняга амфітэатра ў Маладзечне 23 чэрвеня.

Сваімі выступленнямі гледачоў парадуюць больш за 40 самых папулярных артыстаў краіны, сярод якіх ансамбль „Песняры”, Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Герман, Ганна Шаркунова, Саша Нэма, Uzari, група „Без Білета”, фіналісты „Еўрабачання-2017” група NaviBand.

Асновай для фарміравання трэк-ліста канцэрта сталі спісы лідараў ратацый, якія падаваліся музычнымі рэдактарамі самых папулярных радыёстанцый Беларусі на працягу паўгода. Разглядаліся песні, якія трапілі ў гарачую ратацыю са студзеня 2017 года.

Тэлеверсія маштабнага канцэрта „Песня года Беларусі – 2017” выйдзе ў эфір АНТ у дзень нараджэння тэлеканала – 25 чэрвеня – у дзвюх частках: у 16.20 і 21.05.

Арганізатары „Песні года Беларусі – 2017” – тэлеканал АНТ і ДУ „Палац культуры г. Маладзечна”.

Свята, якое стала папулярнай і чаканай музычнай падзеяй для тысяч гледачоў і тэлегледачоў краіны, праводзіцца ўжо на працягу 12 гадоў.

belta.by