Фестываль „Рок за жыццё” – у менскім клубе Re:Public



Фестываль „Рок за жыццё”, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, адбудзецца ў чацвёрты раз.

5 кастрычніка ў менскім клубе Re:Public сыграюць Nizkiz, “Крама”, “Разбітае сэрца пацана”, Re1ikt і Luty Sakavik.

Упершыню канцэрт у межах фестывалю пройдзе і ў Магілёве. 6 кастрычніка на сцэну клуба Cuba выйдуць “Петля пристрастия”, “Разбітае сэрца пацана”, Re1ikt і Luty Sakavik.

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб’яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь дагэтуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.

Вядомыя музыкі ва ўсім свеце актыўна выступаюць супраць гэтай антыгуманнай меры. Адпаведны зварот да беларусаў у 2010 годзе запісаў Стынг, у 2014-м у праекце “Апошні золак” паўдзельнічалі Ганна Хітрык, Алесь Дзянісаў, Лявон Вольскі, Віктар Рудэнка, Зміцер Вайцюшкевіч, Аляксандр Памідораў і Анастасія Шпакоўская. Фестываль “Рок за жыццё” раней праводзіўся ў Брэсце, Віцебску і Мінску.

“Хоць пакаранне і павінна быць незваротным, сувымерным здзейсненаму злачынству і справядлівым, смяротнае пакаранне не лепшы спосаб, — мяркуе Зміцер Халяўкін з гурта Nizkiz. — Заўсёды ёсць рызыка памылкі, існуе мноства прыкладаў. Таксама патрэбныя людзі, якія будуць выконваць прысуды, а значыць, яны таксама будуць забойцамі. Смяротнае пакаранне — гэта забойства, толькі ўзаконенае. А жорсткасць заўсёды будзе спараджаць жорсткасць”.

“Я супраць смяротнага пакарання, таму што потым ужо нічога не выправіць”, — лаканічна выказваецца фронтмен “Пятлі” Ілля Чарапко-Самахвалаў.

Фестываль „Рок за жыццё” Менск

NIZKIZ, КРАМА, RE1iKT РСП, LUTY SAKAVIK

5 кастрычніка, Менск, клуб Re:Public, вул. Прытыцкага, 62 (ст.м. Кунцаўшчына)

Дзверы: 17.00

Пачатак: 18.00

[manual_related_posts]