Фільм пра трактар „Беларус” перамог на фестывалі ў ЗША



17-хвілінны фільм «Карміцель», створаны для Менскага трактарнага завода, перамог на 50-м фестывалі відэавытворчасці US International Film & Video Festival (ЗША). Ролік заняў першае месца ў намінацыі сярод карпаратыўных фільмаў, паведамляецца на сайце фэсту.

Гэта не першая ўзнагарода «Карміцеля». У кастрычніку 2016 года фільм стаў срэбным прызёрам у дзвюх намінацыях ( «Іміджавы фільм» і «Унутраныя камунікацыі») на міжнародным фестывалі The Cannes Corporate Media & TV Awards – 2016 у Францыі.

На здымкі фільма пайшло паўтара месяца. Чатыры здымачныя групы, якія ўзначальвалі чатыры рэжысёры, здымалі ў 11 краінах (у тым ліку і ў Беларусі). Яны здзейснілі 46 пералётаў і правялі 52 дні ў дарозе.

У інтэрнэце фільм даступны адразу на некалькіх мовах: англійскай, французскай, іспанскай, нямецкай, кітайскім, партугальскай.

tut.by