Гарадзенскаму пісьменніку Аляксею Карпюку – 100



14 красавіка беларускаму пісьменніку Аляксею Карпюку спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

Хата Аляксея Карпюка на Беласточчыне

Нарадзіўся ён на Беласточчыне ў вёсцы Страшава ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1934 годзе мясцовую сямігодку, вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні. У 1939 годзе Аляксей паступіў у Наваградскае педвучылішча. „Было нас пяць хлопцаў з Наднямоння, з-пад Налібоцкай пушчы і адзін Карпюк з-пад Беластока, — успамінае ва ўступным слове да двухтомніка А. Карпюка (Менск 1991) Уладзімір Калеснік. — Мы прывозілі „сідары” ледзь не кожны тыдзень, а Карпюк разы два на год, пасля зімовых і летніх канікулаў, затое валок гару смакаты: цэлага кумпяка, паляндвіцу, каўбасы, пару апольцаў сала таўшчынёю на ўсе пяць пальцаў”.

З бацькамі, 1930-я гады

У гады Другой сусветнай вайны Аляксей Карпюк пайшоў у партызаны, а ў час выканання дыверсіі на чыгунцы каля Ваўкавыска трапіў у палон. Спачатку яго трымалі ў Беластоцкай турме, а пасля ў лагеры Штутгаф (Прусія). У 1943 годзе ён уцякае з лагера, арганізоўвае партызанскі атрад і становіцца яго камандзірам. Праз пэўны час разам з дзейнічаючай арміяй прымае ўдзел у вызваленні Варшавы, Познані, штурмуе Берлін.

У шпіталі Познані, 1945 год

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступае на факультэт замежных моў Гарадзенскага педінстытута. Студэнтам ён пачынае пісаць прозу. У часопісе „Полымя” ў 1953 годзе студэнт Карпюк дэбютуе аповесцю „У адным інстытуце”. А праз пяць гадоў выдае сваю першую кнігу апавяданняў і аповесцей „Дзве сасны”.

Працоўная дзейнасць пісьменніка была даволі разнастайнай і нялёгкай. Працаваў загадчыкам райана ў м. Сапоцкіна, дырэктарам школы на Ваўкавышчыне, у Гродзенскім педінстытуце, у рэдакцыях газет, загадчыкам агенцтва „Інтурыст” у Гродне, дырэктарам музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гародні, а з 1978 года ўзначальваў Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў…

Янка Брыль і Аляксей Карпюк

Дзе б не працаваў Аляксей Карпюк, заўсёды пісаў. „Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”, — згадваў у сваёй аўтабіяграфіі „Мая Джамалунгма”. Дарэчы, пра гэты выдатны твор пісала нават газета „Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхене. Але самым знаным і папулярным творам Аляксея Карпюка застаецца аповесць „Данута”, якая перакладзена на многія мовы свету.

Аляксей Карпюк

Жылося Аляксею Карпюку нялёгка. Ён быў адкрытым і смелым, а чыноўнікі ад улады не любілі тады такіх. Аляксей Карпюк на V З’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў Мінску, які адбыўся 13 мая 1966 года, адкрыта выступіў па тых праблемах, якія набалелі, якія хвалявалі пісьменнікаў. У сваім выступленні ён абараніў і гонар беларускаіх літаратараў, а таксама паэта са Слоніма Анатоля Іверса і празаіка з Гародні Васіля Быкава за наезды з боку мясцовых чыноўнікаў і КДБ…

Сёння землякі-гарадзенцы шчыра памятаюць пра Аляксея Карпюка. Адна з вуліц Гародні носіць яго імя. А год таму на будынку №49 па вуліцы Элізы Ажэшка пісьменніку была ўсталявана мемарыяльная шыльда.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя