Гарадзенская капэла адкрыла 30-ы канцэртны сезон музыкай Дворжака



Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь выступіў у абласным драмтэатры з праграмай, якая прымеркавана да 180-гадовага юбілею чэшскага кампазітара Антаніна Дворжака. Наступны канцэрт Гарадзенскай капэлы адбудзецца ў кастрычніку і будзе прысвечаны творчасці Шастаковіча.

У наступным годзе споўніцца 30 гадоў з таго часу, як у Гародні ўзнік унікальны музычыны калектыў. Ён складаецца з сімфанічнага і духавога аркестраў, камернага хору, ансамбля салістаў. Ніводная ўрачыстасць горада не абыходзіцца без гэтага знакамітага калектыву. Яго кіраўнік, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Борматаў неаднаразова станавіўся лаўрэатам прэміі імя Аляксандра Дубко, самай прэстыжнай узнагароды Гарадзеншчыны ў сферы культуры і мастацтва. А сам калектыў — лаўрэат многіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. 

Юбілейны сезон абяцае быць даволі насычаным і разнастайным. А пачаць яго вырашылі музыкай Антаніна Дворжака, які вельмі папулярны ва ўсім свеце, а вось на беларускай сцэне выконваецца не часта. Між тым яго творчасць, лічыць кіраўнік капэлы, адпавядае менталітэту беларусаў. Гарадзенская капэла ўпершыню прысвяціла чэшскаму кампазітару цэлую праграму. Яе кульмінацыяй стала сімфонія № 9 пад назвай «З новага свету». 

Наступны канцэрт пад назвай «Планета Шастаковіча» адбудзецца 13 кастрычніка. Як зазначыў Уладзімір Борматаў, Дзмітрыю Шастаковічу даступны розныя жанры. Ён выдатны філосаф у музыцы. Адначасова складаны і даступны. Гэта тыя якасці, якія прыдатны сапраўднаму генію.

— Мы імкнёмся выхаваць у людзей смак да музыкі, паказаць слухачу яе адвечную каштоўнасць, як эстэтычнае ўспрыманне музычнага твора эмацыянальна трансфармуецца ва ўсе сферы жыцця чалавека. Сусветны рытм паскараецца, у людзей усё менш магчымасцяў захаваць спакой. Класічная музыка выхоўвае гарманічныя адносіны да навакольнага сусвету, раўнавагу, цярпенне, інтэлектуальныя і талерантныя адносіны адзін да аднаго. Да класікі прыходзяць як да Бога. Магчыма, гэта адбываецца не ў маладосці, але менавіта ў той момант калі з’яўляюцца ўласныя свядомыя каштоўнасці. Гэта ўжо дарослае і мудрае рашэнне, — так акрэсліў кіраўнік капэлы сваё бачанне музыкі. 

Юбілейны, 30-ы сезон Гарадзенскай капэлы прадоўжыцца з верасня 2021 па чэрвень 2022 года. За гэты час пройдзе дзясяткі канцэртаў як усяе капэлы, так і яе асобных падраздзяленняў. 

zviazda.by