Гарадзенскі кніжны клуб сабраў аматараў гістрычнага рамана



У Гародні прайшла чарговая сустрэча Беларускага кніжнага клубу.  Удзельнікі клубу чытаюць беларускія кнігі і абмяркоўваюць іх змест. Гэтая сустрэча была прысвечана гістарычнаму раману Аркадзя Ліцьвіна (Жукоўскага) „Прастрэлены талер”. 

Чытачы мелі магчымасць ужывую сустрэцца з аўтарам. Кажа Аркадзь Ліцьвін: 

– Раман, які я напісаў, утрая большы. Гэта – яго трэцяя частка. На астатнія грошай не хапіла. Я раптам узяў і напісаў аповесць 1734 года, таму што яна прысвечана такому драматычнаму перыяду, калі мяняліся каралі. А ў нас яны мяняліся параўнаўча часта, калі глядзець на Францыю ці Расею.

Сярод чытацкай аўдыторыі ў свеце гістарычная літаратура не займае першыя месцы на кніжным рынку. І хоць „Прастрэлены талер” – кніга гістарычная, але, як аказалася падчас сустрэчы, сярод сяброў клубу была значная частка тых, хто любіць  менавіта гэты жанр:

– Ну, асабіста мне не хапае літаратуры, прысвечанай дзесьці 15-18 стагоддзям, перыяду Рэчы Паспалітай. Яна як бы выпадае з нашай гісторыі. І менавіта ў такім сакавітым стылі, як напісаў Аркадзь Ліцьвін. Менавіта гэты жанр мне вельмі спадабаўся. Жывая мова, нібыта акунаешся ў тыя часы, не сухая, кніжная, а на ўзроўні Сенкевіча ці Дзюма, як на мой погляд.

„Прастрэлены талер” – першая кніга трылогіі.

Удзельнікі кніжнага клубу задумваюцца пра магчымасць выдання наступных двух тамоў кнігі Аркадзя Ліцьвіна шляхам краўдфандынгу, калі гэтую ідэю падтрымаюць беларускія чытачы.  

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара