Гарадзенскія дзеткі і бацькі віталі пісьменнікаў-землякоў



У Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні дзеткі і іх бацькі сустрэліся з творчымі людзьмі Гарадзеншчыны. Шчыра віталі прысутныя паэтак і пісьменнікаў Алу Петрашкевіч, Алу Нікіфорскую, Галіну Самойлу, Сяргея Чыгрына і Міхася Зізюка.

Кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка пазнаёміў гарадзенцаў з літаратарамі і даў кожнаму выступіць. Госці распавядалі дзецям і дарослым казкі, загадкі, праводзілі розныя конкурсы. Вядома ж у гэты дзень, усе змаглі пазнаёміцца з кнігамі пісьменнікаў, з новымі літаратурнымі творамі, а таксама з планамі на будучае.

Мастак Алесь Сураў дапоўніў літаратараў сваім мастацкім урокам. Ён навучыў, як прыгожа і хутка можна намаляваць Ў нескладовае, а таксама іншыя літары беларускага алфавіта.

Дзеткі разам з мастаком паўтаралі тое, што ён маляваў. Усе прысутныя ў гэты дзень змаглі набыць сабе кнігі і сфатаграфавацца на памяць.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня, фота аўтара