Гарадзенскія фатографы адкрылі арт-выставу



Унікальная эксперыментальная выстава фотамастакоў Іллі Гелея, Яўгена Новака ды Аляксандра Саенкі адкрылася ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.

Праз свае працы фатографы паказалі форму, лінію і колер сучаснай фатаграфіі. Пра адметнасць выставы кажа Аляксандр Саенка:

– Для мяне вельмі цікава было сабрацца з Яўгенам Новакам, Іллёй Гілеем, бо ў нас ва ўсіх розныя погляды на фатаграфію. У кожнага свой стыль, у кагосьці форма, у кагосьці лінія, у кагосьці колер, але разам стварылі такую выставу.  

Па словах Іллі Гілея падобнай выставы ніколі яшчэ не было ў Гародні, таму яна будзе цікава аматарам арт-фатаграфіі рознага ўзросту:

– Наш горад чакаў падобнага фармату апошніх гадоў пяць, калі не больш. Уся канцэпцыя выставы звязана з галоўнымі элементамі. У любым візуальным мастацтве гэта – лінія, фігура і колер. Дадзеная экспазіцыя ўяўляе сабой візуальнае даследаванне і навуковае асяроддзе. Тут вы зможаце знайсці працы, якія адносяцца да супрэматызму, абстракцыі і экспрэсіянізму. Для света гарадзенскай фатаграфіі –г эта глыток свежага паветра.  

На творчы вернісаж фатографаў завіталі некалькі дзясяткаў маладых людзей, а музычным афармленнем імпрэзы займаўся ды-джэй Андрэй Beat L. 

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня