Гарадзенскія “Кропкі” Анатоля Скамарошчанкі
Адзін з самых знакамітых гарадзенскіх мастакоў Анатоль Скамарошчанка прадставіў у галерэі “У майстра” сваю персанальную выставу “Кропкі”.
На сценах выставы вобразы і твары, гарадзенскі Фарны касцёл і кумір мастака – Казімір Малевіч у выгладзе плаката.
Пра выставу кажа Анатоль Скамарошчанка:
– Кропкі, таму што для мяне “кропка” – гэта не проста слова. Яно мае і сэнс філасафічны. Гэта як бы зроблена. І не зроблена таксама – калі шматкроп’е. Што датычыць самой выставы, яна несучасная, у тым разуменні, што сёння вельмі модна, калі выстава стыльная, калі ёсць нейкі азімут і ўсё вакол яго раскручваецца. А тут такая салянка, эмоцыі.
Для мастачкі Яніны Пільнік, гэтая выстава адмысловае ўвасабленне вобразаў:
– Анатоль амаль кожны год ладзіць выставу, каб паказаць нам, над якімі тэмамі ён цяпер разважае. Напрыклад, мне вельмі падабаецца плакат, які прысвечаны Малевічу. Вельмі салідна зроблены, і дэманструе яго адносіны да чалавека, які змяніў сучасны шлях мастацтва і зрабіў паварот у сучаснае. І мы бачым, што Анатоль далёка адыйшоў ад рамак класічнага жывапісу.
Апроч мастацкіх працаў на сценах галерэі на адкрыцці выставы Анатоль Скамарошчанка паказаў розныя інсталяцыі, якія, як і яго выставу, можна будзе ўбачыць цягам бліжэйшых дзвух тыдняў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя
