Гарадзенскія мастакі на юбілей мастацтвазнаўцы зрабілі выставу



“Кветкі для Марыны” – такую назву носіць выстава, што адкрылася ў гарадзенскай галерэі “Крыга” і прысвечана яна 60-годдзю мастацтвазнаўцы Марыны Загідулінай.

На экспазіцыі прадстаўлены працы каля дзясятка гарадзенскіх мастакоў, сярод якіх такія імёны як Валянціна Брысач і Наталля Клімовіч, Андрэй Філіповіч і Аляксандр Сільвановіч. На карцінах кветкі – як падарунак жанчыне. Пра выставу да юбілея распавядае адзін з аўтараў Аляксандр Сільвановіч:

– Я лічу, што гэта наша калега, бо яна сябра Саюза мастакоў Беларусі, і мы знаёмыя з ёй ужо даўно, ніводная значная творчая падзея не абыходзіцца без яе ўдзелу, без яе аналізу. Асабіста я на свае выставы імкнуся абавязкова запрасіць Марыну Аляксееўну. Ведаю, што ўсё будзе раскладзена па палічках. І гэта як раз такі выпадак, калі мастак можа і не павінен многа гаварыць на сваіх выставах, але ёсць такія людзі, як Марына Аляксееўна, якая ўсё можа растлумачыць, падвесці аналіз.

Павіншаваць мастацтвазнаўцу прыйшлі не толькі мастакі, але і кавалі і скульптары, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гародні Анджэй Хадкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя