Гарадзенцы ўзгадалі Лейба Найдуса



У Гародні прайшла паэтычна-музычная памятная вечарына, прысвечаная габрэйскаму паэту Лейбу Найдусу. У памяшканні музея гісторыі рэлігіі спявалі музыкі і дэкламавалі ягоныя вершы ў перакладзе на беларускую. Некаторыя творы гучалі часткова на ідыш. Зала музея была амаль запоўнена аматарамі паэзіі і гарадзенскай гісторыі. Кажа Альжбета Кеда – перакладчыца і літаратарка:

– Ён пісаў спачатку на трох мовах: польскай, беларускай, ідыш. Кажуць, што і беларускія вершы былі, але не захаваліся, не знайшлі іх. Ён жа ўзгадоўваўся ў гэтым шматмоўным асяроддзі памежжа. Сённяшняя Беласточчына – ягоная радзіма. І ён ведаў усе гэтыя мовы, пісаў па-польску нават даволі многа, але з’явілася ў ягоным жыцці дзяўчына-яўрэйка, і пад яе ўплывам ён пачаў пісаць выключна на ідыш.

Гарадзенцы прызнаюць двух вялікіх паэтаў пачатку ХХ стагоддзя, якія зрабілі гонар Гародні: Максім Багдановіч і Лейб Найдус. Хаця вядома, што Лейб Найдус пахаваны ў Гародні, але яго магілы не захавалася, як не захавалася вялікіх жыдоўскіх могілкаў. На іх месцы стаіць стадыён „Нёман”. Кажа прафесар Аляксей Пяткевіч:

– Вось у 50-ыя гады гэтыя могілкі зруйнавалі, усе помнікі і ўсё астатняе невядома куды вывезлі, а помнік на магіле меў мастацкае значэнне. Рабіў помнік скульптар-прафесіянал. Помнік у выглядзе апушчаных крылаў анёла. Але ні помніка, ні магілы – практычна ніякага знаку, акрамя назвы вуліцы на радзіме вялікага габрэйскага паэта няма. Гэта вялікі паэт, паэт вельмі таленавіты.

У Гародні імя Лейба Найдуса носіць толькі вулачка ў цэнтры горада. На доме, дзе ён жыў па гэтай вуліцы, няма нават памятнай шыльды, не тое што помніка. Дарэчы, тое ж можна сказаць і пра беларуса Максіма Багдановіча.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара