Гародня: выстава IN FORMA у “Доме на Гараднічанскай”



Новая творчая пляцоўка Гародні “Дом на Гараднічанскай” прадстаўляе жыхарам гораду выставу Аляксандра Балдакова “IN FORMA”.

На думку аўтара праект уяўляе серыю арт-аб’ектаў, у аснове якіх – простыя геаметрычныя формы, модулі, архетыпічныя элементы, якіх пераходзяць у розныя аб’ёмныя мадэлі і вобразы.

Пра свае працы распавядае Аляксандр Балдакоў:

– У гэтым выпадку мне цікава працаваць з першаснай формай, з асноўнай. Я звяртаюся да геаметрыі, структуры, якая праяўляецца на розных узроўнях – на макра і мікра ўзраўнях, то бок гэта такія формы, якія ствараюць наогул прастору. Калі мы будзем углядацца ў такую дробную рэч, то ўбачым паўтарэнне гэтых форм. Гэтак сама як і ў макракосмасе, калі паглядзім на неба, то мы пабачым пэўныя аналогіі. Гэта цікава, гэта глабальна, хочацца ў гэтым разабрацца, хочацца да гэтага далучыцца. Мне цікавы рытм, фактуры.

Аляксандр Балдакоў упэўнены, што вобраз піраміды, што ў самым пачатку выставы, з’яўляецца самым запамінальным.

– Звязваецца па стылі, па структуры. Гэта паўтаральнасць нейкіх элементаў, з якіх створаны нейкі аб’ект. Гэты аб’ект – ён звязвае будзёнасць, бытавы кантэкст, такі спажывецкі, і з агульналачалавечым – піраміда жыцця, піраміда спажывання… Тут шмат аналогій. Я не хацеў бы звужаць да нейкага аднаго канкрэтнага сэнсу.

Паглядзець выставу IN FORMA можна любы жадаючы ў будні дзень з 10 да 17 гадзін па адрасе Гародня, вуліца Гараднічанская 23.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча