Гародня: выстава, на якой можна ўбачыць партрэты дыктатараў



У прасторы “Трэцяе месца”, што ў самым цэнтры Гародні, адкрылася выстава Андрэя Анро пад назваю “Маўчанне кажа пра многае”. У экспазіцыі партрэты дыктатараў розных краін, гаспадарчае мыла з савецкімі паштовымі маркамі, а таксама партрэт былога міністра унутраных спраў Беларусі і апазіцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі.

Пра выставу распавядае яе аўтар Андрэй Анро:

– Сэнс у тым, што ёсць нешта агульнае ў розных сістэмах, якія выкарыстоўваюць таталітарныя і аўтарытарныя метады праўлення. Мы жывем у часе, які прадоўжыў культурны статус Савецкага Саюза, бо менавіта ў канцы СССР быў самы аўтарытарны рэжым. Мы, якія выраслі ў гэтым рэжыме, можам адчуваць падобнае адчуванне свету, якое ёсць у розных месцах на зямлі.

На думку куратаркі выставы Ірыны Варкулевіч, гэта выстава вельмі актуальная ў гэты гістарычны момант:

Андрэй Анро – вельмі актуальны мастак нашага часу. Ён канцэптуаліст. Сапраўднае мастацтва – гэта не прыгожанькія карцінкі. Тэмы, якія ён уздымае зараз, усім нам блізкія. Улічваючы, што быў перанос выставы, яна атрымалася вельмі знакавай. Мы даведаліся, што мы нічога не вырашаем, што за нас вырашаюць усё. Што мы жывем у дыктатуры. І таму для нас гэта актуальна.

Афіцыйна выстава адкрыецца для наведнікаў з 15 ліпеня, і ў сувязі з пандэміяй каронавіруса аўтар просіць прыходзіць на выставу ў масках і трымацца сацыяльнай дыстанцыі.  

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча