„Гатычны” нумар „Гарадзенскага гадавіка”



“Цэнтр гарадскога жыцця” ў Гародні стаў месцам, дзе прадставілі пяты нумар “Гарадзенскага гадавіка”. На думку рэдактара гэтага гістарычнага выдання Юрыя Гардзеева, нумар адметны тым, што ён падымае пытанні жыцця і смерці і распавядае пра могілкі ў Гародні.

Распавядае Юры Гардзееў:

– Гэты нумар прысвечаны праблематыцы жыцця і смерці. Пытанням часу ў прасторы. І такім лейтматывам гэтага нумару з’яўляюцца могілкі: фарныя, каталіцкія, лютэранскія. Канешне, не пра ўсё атрымалася распавесці, але тут каля 12-13 тэкстаў, прычым некаторыя тэксты маюць чыста крыніцазнаўчы характар.

Гісторык Яўген Махнач прадставіў адметную ад большасці аўтараў выдання тэму – тэму габрэйскага некропаля:

– Тэма гарадзенскіх габрэйскіх могілак у нас мала распрацавана. Мала хто гэтым займаўся і з кропкі гледжання аналізу эпітафій, і з кропкі гледжання выяўленчых матываў. Але гэтая тэма вельмі папулярная ў суседніх краінах і нават існуюць цэлыя кафедры, якія гэтым займаюцца і гэту тэму шырока распрацоўваюць.

Сярод аўтараў выдання артыкулы такіх знакамітых гарадзенцаў, як Вячаслаў Швед і Алесь Радзюк, Аляксандр Мілінкевіч, Альбіна і Генадзь Семянчукі. Замовіць выданне магчыма ў „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні. 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня