Георгій Станкевіч: У Бешанковіцкім раёне я persona non grata



Бард і паэт Георгій Станкевіч па-ранейшаму не мае мажлівасці выступаць публічна са сваімі песнямі і вершамі ў родным Бешанковіцкім раёне.

Некалі ён быў нават старшынём мясцовага саўгаса. Цяпер працуе настаўнікам нямецкай мовы. Пасля таго, як заняўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, адразу стаў нелюбімы для раённага кіраўніцтва.

– У Бешанковічах афіцыйна я з’яўляюся персонай non grata, я нікуды не запрашаюся, таму што ведаюць маю пазіцыю наконт нашага грамадства, што я магу сказаць праўду ў вочы. Не хапае, канешне, выступаў перад грамадскасцю. Таму што раней я ездзіў па школах, выступаў на нейкіх мерапрыемствах раённага Дома культуры. Але добры дзясятак гадоў як мяне нікуды не запрашаюць, я нідзе не выступаю.

Георгій Станкевіч аўтар пяці зборнікаў вершаў. А таксама ён выдае інфармацыйна-культурную газету Бешанковіцкага раёна „Крывінка”, якая, відавочна, добра раздражняе мясцовае раённае кіраўніцтва.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара