Гістарычна-літаратурная гасцёўня ў музеі-сядзібе Агінскага



Музей-сядзіба М. К. Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне працягвае серыю цікавых імпрэзаў – у суботу тут адбылася чарговая гістарычна-літаратурная гасцёўня.

Гэтым разам яна была прысвечана бацьку кампазітара Міхала Клеафаса – ваяводзе Трокскаму Анджэю Агінскаму. Род князёў Агінскіх спачатку быў праваслаўным, а потым перайшоў у каталіцтва, пра што распавёў прысутным старэйшы навуковы супрацоўнік музея Васіль Грыбанаў. Прадстаўнікі роду дапамагалі будаваць цэрквы і касцёлы, былі вядомымі мецэнатамі свайго часу. Імпрэзу адкрылі ксёндз Алег Жураўскі і айцец Аляксандр Співакоў.

Пра асобу Анджэя Агінскага расказалі ў тэатралізаванай форме супрацоўнікі музея. У кастрычніку 2017 года споўнілася 230 гадоў са дня смерці Анджэя Агінскага.

Вечарыну дапоўніла класічная музыка ў выкананні трыа “Унісон” і гістарычная віктарына для гасцей, пераможцы якой атрымалі бясплатныя квіткі на наступны канцэрт у музеі.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара