Гомельцы адзначылі Стары новы год



Гомельцы адзначылі Стары новы год. Звычайна ў гэты дзень дзеці і моладзь ходзяць па дамах і калядуюць. Сябры краязнаўчай арганізацыі «Талака» далучылася да святкавання. Яны рэканструявалі абрад Шчадравання. Талакоўцы наведалі рынкі, кавярні і бібліятэкі, каб павіншаваць гараджанаў са святам. Маршалак «Талакі» Пятро Цалка распавёў, якія зычанні гучалі падчас віншаванняў.

— Віншаванні — справа інтымная і нельга ўсім таго ж самага зычыць. Трэба падыходзіць, канкрэтна бачыць чалавека, што ён прадае: можа кеды, можа торбы. Паколькі асноўнай тэмай было тое, што мы хадзілі па базары, дык была такая фраза: «Хто казе нашай дае, той усё распрадае», але было і традыцыйнае: «Каб вашай хаце заўжды было што даці».

Падчас шчадравання талакоўцы вадзілі казу, мядзведзя і спявалі калядныя песні, сабраныя на Гомельшчыне. За гэта шчадроўшчыкаў адарылі рознымі прысмакамі ці грашыма.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель