Грамадзянін Беларусі – лаўрэат Шаўчэнкаўскай прэміі
Беларускі харэограф Раду Паклітару ўзнагароджаны Нацыянальнай прэміяй Украіны імя Тараса Шаўчэнкі. Шаўчэнкаўская прэмія – найвышэйшая ўзнагарода, якой уганароўваюць ва Украіне за дасягненні ў галіне літаратуры, культуры і мастацтва.
Раду Паклітару паходзіць з Малдовы, але доўгі час ён жыў, вучыўся і працаваў у Беларусі. Ён скончыў факультэт харэаграфіі Беларускай Дзяржаўнай Акадэміі музыкі, на сцэне Беларускага Тэатра оперы і балета адбыўся яго дэбют у якасці балетмайстра: у 1999 годзе Паклітару паставіў на беларускай балетнай сцэне “Пацалунак феі” на музыку Ігара Стравінскага.
У 2006 годзе Раду Паклітару пераехаў у Кіеў, але пры гэтым захаваў беларускае грамадзянства. У Кіеве харэограф стварыў унікальны «Кіеў Мадэрн-балет», які з’яўляецца ці не найбольш папулярным харэаграфічным тэатрам на постсавецкай прасторы. Балетная трупа гастралюе па ўсім свеце і за кароткі час набыла рэпутацыю «танцавальнай візітоўкі Украіны».
Раду Паклітару – пакуль адзіны грамадзянін Беларусі, уганараваны Шаўчэнкаўскай прэміяй.
https://www.youtube.com/watch?v=uNUDg6ctmU8
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
