“Грунтоўня” пераязджае



Берасцейскі культурны цэнтр “Грунтоўня” з’язджае са сваёй пляцоўкі на Дзяржынскага 14.

Пра гэта паведаміў яе кіраўнік Віктар Клімус адразу пасля апошняга мерапрыемства:

Гэта арганізацыйнае тэхнічнае рашэнне. Я думаю, мы пераедзем не проста ў нікуды, а з большай эфектыўнасцю і хутка адкрыемся. Будзем працягваць працу ў фармаце такой жа культурнай прасторы або, магчыма, у нейкім іншым. Мы пра гэта яшчэ думаем. Але тое, што арганізацыя працягвае працаваць, гэта дакладна. Я думаю, мы парадуем яшчэ не адной добрай культурнай імпрэзай берасцейцаў.

Культурны цэнтр “Грунтоўня” за некалькі гадоў стаў адкрытай прасторай для творчай, грамадскай і сацыяльнай рэалізацыі. “Дыскусійныя пляцоўкі, майстар-класы, канцэрты і інтэлектуальныя забавы – толькі малая частка таго, што адбывалася ў “Грунтоўні”. Для Берасця гэта своеасаблівы брэнд”, – зазначалі сталыя наведвальнікі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара