Гуканне вясны на Лепельшчыне



Гуканне вясны – свята, якое звязана з абуджэннем прыроды, адзначылі на Лепельшчыне. Яго арганізавалі мясцовыя жыхары непадалёк ад Перуновай гары. Гэты абрад жыхары Лепеля ладзяць ужо некалькі год запар. Свята атрымалася яскравым і запамінальным.

Паводле мясцовага краязнаўцы Уладзіміра Шушкевіча, абрад на Лепельшчыне існуе здаўна, але за савецкім часам быў перарваны:

– Прыхільнікі даўніны, прыхільнікі беларускасці аднавілі абрад, ужо шмат гадоў Гуканне вясны праходзіць на Перуновай гары ці на капішчы, ці каля каменя-следавіка. У гэты раз планавалі на Перуновай гары, але не атрымалася, бо снег на гары расстаў. Таму вырашылі непадалёк ад яе, знайшлі ўзвышша і вырашылі на ім правесці гэты даўні абрад.

На свяце спалілі пудзіла зімы і клікалі вясну традыцыйнамі спевамі, вадзілі карагоды, танчылі. Таксама ўпрыгожвалі дрэвы стужкамі і птушкамі з паперы, каб наблізіць прыход вясны.

Напрыканцы імпрэзы арганізатары свята за кубкам гарбаты з зёлак частавалі гасцей выпечанымі з цеста птушкамі, прадуктамі са сваіх панадворкаў ды іншымі прысмакамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя