Гурт «Гарадскі Вал» прэзентуе новы альбом «Элвіс і Смерць»



Менскі гурт «Гарадскі Вал» выдаў новы альбом «Элвіс і Смерць».

У запісе паўдзельнічала каля дзясятку музыкаў. Усе песні напісаныя на словы Антона Рудака. Прытым альбом мае сваю ўнутраную геаграфію, – кажа лідар гурту Раман Абрамчук.

– Першая працоўная назва альбома была ў стылі сярэднявечных нарысаў „Спеўнік для супольных спеваў пасажыраў электрычкі Менск – Маладэчна”. То бок для мяне чамусьці вось гэты стрыжань, што песні аб’яднаныя нейкай такой тэматыкай паўночна-заходняга вектара Віленскага напрамку, мне гэта спачатку падавалася самым важным у гэтай нізцы. Потым гэта ўжо адыйшло на другі план. У любым разве і вершы, і сам альбом атрымаліся вельмі геаграфічнымі.

Дарэчы, асобная песня на альбоме цалкам адрасаваная Падляшшу. Адзіная прэзентацыя кружэлкі «Гарадскога Вала» «Элвіс і Смерць» адбудзецца 3 сакавіка ў менскай кавярні „Грай”.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя