Гурт NaviBand вылецеў у Кіеў



Афіцыйны прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні „Еўрабачанне-2017” гурт NaviBand 1 траўня накіраваўся ў Кіеў.

Калектыў з кампазіцыяй „Гісторыя майго жыцця” выступіць пад № 14 у другім паўфінале 11 траўня. На сцэне ў Кіеве яму будуць дапамагаць бэк-вакалісты Міхаіл Сасуноў і гурт „Беатрыс”.

Першая рэпетыцыя групы адбудзецца 3 траўня. Другая рэпетыцыя і індывідуальная прэс-канферэнцыя прадстаўніка Беларусі на „Еўрабачанні” запланаваныя 6 траўня. На наступны дзень беларусы возьмуць удзелу ў афіцыйным адкрыцці Еўратыдня. Чырвоная дарожка конкурсу размесціцца ў гэты ж дзень на плошчы Канстытуцыі і алеі каля Марыінскага палаца. 9 траўня ва Украіне пройдзе першы паўфінал конкурсу, фінал адбудзецца 14 траўня. Права на правядзенне конкурсу ў Кіеве заваявала ўкраінская спявачка Джамала, якая стала пераможцай 61-га міжнароднага конкурсу песні „Еўрабачанне”, што праходзіў летась у Стакгольме.

Сёлета на конкурс ужо акрэдытавана 1.500 прадстаўнікоў СМІ. Усяго прэс-цэнтр „Еўрабачання” чакае каля 2.000 журналістаў з Украіны і іншых краін, для якіх з 30 красавіка да 3 траўня арганізоўваюцца сустрэчы з артыстамі, а з 4 па 13 траўня — прэс-канферэнцыі з прадстаўнікамі 42 краін-удзельніц. Назіраць за конкурсам у Кіеў прыбудуць каля 20 тысяч замежных турыстаў, дапамагаць якім будуць каля 900 валанцёраў. Трансляцыю конкурсу змогуць убачыць больш за 200 млн гледачоў з усёй Еўропы і іншых краін свету.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі — „Беларусь 1” і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал „Беларусь 24”, а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі tvr.by.

Беларусь бярэ ўдзел у самым папулярным песенным шоу Еўропы ў 14-ты раз. Група NaviBand у складзе Арцёма Лук’яненкі і Ксеніі Жук з’явілася ў 2014 годзе і выконвае ў асноўным беларускамоўныя песні. У адборачным туры на „Еўрабачанне” яны ўдзельнічаюць у другі раз. У дзень фіналу нацыянальнага адборачнага тура конкурсу, 20 студзеня, група выпусціла трэці альбом пад назвай „Ілюмінацыя”.

belapan.by