Ідэі для стварэння брэнда Беларусі



Нацыянальнае агенцтва па турызме абвясціла збор ідэй для стварэння турыстычнага брэнда Беларусі. Тэхнічнае заданне для ахвотных узяць удзел у конкурсе апублікаванае на партале belarustourism.by.

Дакумент змяшчае тэхзаданне на распрацоўку эскіза лагатыпа, слогана і апісанне канцэпцыі турыстычнага брэнда краіны. Прыведзеныя прыклады ўжо распрацаваных замежнымі спецыялістамі для Беларусі нацыянальных і рэгіянальных турыстычных брэндаў, а таксама прыклады брэндаў і слоганаў іншых краін.

Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной раней адзначыў, што ў Мінспорту ёсць больш за 10 варыянтаў брэнда краіны. Адзін з іх прапанаваны Еўразвязам, яшчэ адзін — Сусветнай турысцкай арганізацыяй, іншыя — беларускімі і замежнымі распрацоўшчыкамі. Аднак у міністэрстве лічаць, што ў распрацоўцы нацыянальнага брэнда павінны браць удзел самі беларусы. „Мы зразумелі, што калі людзі ўбачаць ужо гатовыя варыянты, узнікне нейкі стэрэатып, і гэта будзе на шкоду, — адзначыў ён. — Павінна быць нейкая інтрыга”.

Паводле слоў чыноўніка, пры распрацоўцы брэнда краіны Мінспорту ўлічвае няўдалы вопыт стварэння брэнда Мінска і вопыт суседніх дзяржаў. „Мы не хочам наступаць на тыя ж граблі, — адзначыў Кравец. — Напрыклад Расія на першым этапе распрацоўкі брэнда краіны не прыцягвала прафесіяналаў. Потым усё ж прыцягнула. І гэта доўжыцца ўжо прыблізна тры гады. Мы ж адразу працуем у сімбіёзе”.

Пасля таго як прафесіяналы створаць некалькі варыянтаў, журы адбярэ пяць-шэсць з іх для грамадскага абмеркавання. „Да гэтага будзе датычны кожны жыхар краіны”, — падкрэсліў намеснік міністра.

Прапановы неабходна накіроўваць да 22 ліпеня ўключна на электронны адрас: [email protected] Прыняць нацыянальны турыстычны брэнд плануецца да канца года.

belapan.by