Ідзе збор сродкаў на музей Алеся Адамовіча



Актывізаваўся збор сродкаў на стварэнне музея Алеся Адамовіча ў пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Нагадаем, 5 лістапада ў Магілёве адбыўся круглы стол „Музей Алеся Адамовіча: супрацоўніцтва грамадскасці і ўлады”, закліканы актывізаваць збор сродкаў на музей пісьменніка. На круглым стале быў створаны грамадскі савет пры абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, задачай якога з’яўляецца арганізацыя працы па зборы грошай.

На той момант было сабрана крыху больш за 900 дэнамінаваных рублёў.

„Збор сродкаў ідзе вельмі добра. Ужо больш за 1.400 рублёў, і грошы працягваюць паступаць”, — паведаміла ініцыятар круглага стала і збору сродкаў на стварэнне музея Нэлі Зігуля. Яна таксама адзначыла, што жадаючыя пералічыць грошы павінны настойваць, будучы ў банках, на ўказанне ў прызначэнні плацяжу доўгага запісу: „Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў п. Глуша пад музей А.Адамовіча”.

20 снежня ў будынку абласной бібліятэкі ў Магілёве прайшло першае пасля круглага стала пасяджэнне савета, у працы якога ўдзельнічала пяць чалавек. На ім быў прадстаўлены падпісны ліст, куды будуць ўпісвацца прозвішчы людзей, якія ахвяравалі свае грошы на стварэнне музея, абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння з органамі ўлады па гэтай тэме, магчымасць арганізацыі і правядзення перасоўнай фотавыставы пра жыццё і дзейнасць Алеся Адамовіча, удзел членаў савета ў розных акцыях з мэтай прыцягнення як мага большых слаёў грамадства да агульнай справы.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы аб неабходнасці распрацоўкі канцэпцыі музея, якую плануецца абмеркаваць на наступным пасяджэнні ў студзені 2017 года. Таксама плануецца звярнуцца да дапамогі абласнога тэлебачання для папулярызацыі літаратурнай спадчыны пісьменніка і яшчэ большай актывізацыі збору сродкаў на стварэнне яго музея.

Як заяўляў раней прадстаўнік магілёўскага Цэнтра па рэстаўрацыі Марат Абдулін, на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі неабходна каля 12 тыс. рублёў. Нобелеўская лаўрэаткай Святлана Алексіевіч паабяцала пералічыць на стварэнне музея 5 тыс. даляраў.

Ідэя стварыць музей належыць сябрам і землякам пісьменніка. Паводле слоў дачкі Адамовіча Наталлі, гэтае пытанне пачало абмяркоўвацца яшчэ падчас пахавання пісьменніка ў 1994 годзе. Толькі ў канцы лютага 2016 года ўлады Бабруйскага раёна адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на стварэнне музея Алеся Адамовіча на яго малой радзіме — у вёсцы Глуша.

belapan.by