Ігар Мельнікаў: Не забывайма герояў-беларусаў, што абаранялі Польшчу на пачатку ІІ сусветнай
82 гады таму, 1 верасня 1939 году распачалася ІІ сусветная вайна. Вялікая колькасць беларусаў абараняла тагачасную Рэч Паспалітую.
Пра беларусаў, якія патрапілі пад мабілізацыю 1939 году распавядае кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў:
– Напярэдадні Другой сусветнай вайны, падчас прыхаванай мабілізацыі ў сакавіку 1939 года, а таксама агульнай мабілізацыі ў жніўні 1939 у шэрагі Войска польскага, трапілі дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў. Прычым я зараз працую ў архіве, чытаю вельмі шмат дакументаў. Польскія афіцэры 20-й дывізіі абураліся, чаму набіралі аж 40-гадовых мужыкоў-беларусаў.
Гісторык кажа, што вельмі шмат беларусаў былі сапраўднымі героямі і ішлі „у штыкавую”:
– Выдатна ваявалі менавіта 1-га верасня 1939 года. Больш за тое, часта падымаліся ў штыкавыя атакі, напрыклад, пад той жа Млавай, у абароне Модліна. Гэта падкрэслівалі, як польскія афіцэры, іх камандзіры, так і вораг – немцы. Насамрэч гэта досыць моцны момант, улічваючы тое, што да вайны былі розныя эксцэсы.
Апроч гераізму на сучасных польскіх землях, адзначыў Ігар Мельнікаў, беларускія жаўнеры вельмі выдатна праявілі сябе ў абароне Берасцейскай крэпасці і абароне Кобрына.
Беларускае Радыё Рацыя
