Ігар Мельнікаў выдаў кнігу пра забытых герояў Беларусі



У менскім выдавецтве “Альфа-кніга” убачыла свет кніга, прысвечаная малавядомым старонкам беларускай вайсковай гісторыі, а менавіта ўдзелу беларусаў у складзе Польскага войска на Захадзе (PSZ) у вызваленні Італіі і Галандыі ад нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны – “Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе”

У савецкія часы пра гэтых людзей на Радзіме не ўзгадвалі. Пазней, калі Беларусь стала незалежнай, гісторыкі зрабілі спробы даследаваць гэтую праблематыку. Выйшла некалькі кніг, публікаваліся артыкулы, аднак з імі, у асноўным, знаёміліся, адмыслоўцы, а тэма заставалася па-за ўвагай шырокіх слаёў беларускага грамадства.

У новай кнізе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў прааналізаваў гісторыю Бітвы пад Монтэ-Касіна і аперацыі “Маркет-Гардэн” у Галандыі ў 1944 г., звярнуў увагу на біяграфіі звычайных жаўнераў, якія нарадзіліся у Беларусі і ўдзельнічалі ў згаданых баявых дзеяннях. Акром таго, у гэтым выданні ўпершыню ў Беларусі апісаны асаблівасці ўніформы, рыштунку і ўзбраення жаўнераў Другога польскага корпусу і Першай польскай паветрана-дэсантнай брыгады.

Варта адзначыць, што кніга “Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе” багата ілюстравана здымкамі з калекцыі аўтара і розных архіваў.

Прэзентацыя новай кнігі Ігара Мельнікава адбудзецца ў Бізнэс-клубе “Імагуру” (Менск, вул. Фабрыцыўса, 4, заля “Nordic”), 14 лютага 2017 года ў 18-30.

Беларускае Радыё Рацыя, фота з кнігі

[manual_related_posts]