„Іншы”: тры гісторыі з жыцця дзяўчыны на вазочку



Тры сцэны з жыцця дзяўчынкі Касі, якая марыць паступіць на журфак і стаць тэлевядучай, паказалі ў межах форум-спектакля „Іншы”. Звыклая жыццёвая сітуацыя  – атрыманне прафесіі – пераўтварацца ў змаганне са стэрэатыпамі і страхамі. Усё толькі таму, што Кася мае інваліднасць.

16 траўня ў Галерэі „Ў” удзельнікі і наведвальнікі імпрэзы змаглі адчуць сябе на іншым, нязвыклым месцы.

Мы абралі гэтыя тры гісторыі, бо яны вельмі паказальныя і даступныя для лёгкага ўваходжання аўдыторыі ў працэс„, – кажа трэнер форум-тэатраў Ігар Ласіцкі.

Форум-тэатр– гэта не толькі сама імпрэза і сам спектакль. Гэта больш тэатр, у якім мы прайграём самі нешта, і гэта можна рабіць з дапамогай дадатковага метадычнага матэрыялу, які зрабіў Аўгуста Баль. Гэта выглядае ўсё як гульня, але мае на ўвазе прагаворванне канфлікту і яго вырашэнне.

Сваімі ўражаннямі пра тое, што змяніў спектакль у свядомасці актораў-гледачоў, падзялілася выканаўца ролі маці – Наста:

– Ужо зараз, калі выйшла на ганак, я звярнула ўвагу на тое, што тут ёсць пандус. І я думаю, што і надалей буду звяртаць увагу на рэчы, якія неабходныя для безбар’ернага асяроддзя.

Адметнасць методыкі форум-тэатра ў тым, што ў цэнтры спектакля знаходзяцца канфліктныя сітуацыі, з якімі сутыкаецца чалавек. У любы момант дзеі кожны прысутны глядач мае права спыніць спектакль і заняць месца аднаго з герояў, каб пазбегнуць канфлікту і выправіць сітуацыю. У працэсе чалавек атрымоўвае досвед таго, што можа адчуваць іншы персанаж у пэўных абставінах, такім чынам зразумець, як гэта быць вазочнікам ці ягонымі бацькамі.

Форум-спекталь „Іншы” быў створаны пры падтрымцы моладзевай арганізацыі БОСС і „Офіса па правах людзей з інваліднасццю” ў межах Тыдня даступнасці, што распачаўся 15 траўня.

 

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя. Менск