Intelligency выпусцілі кліп на беларускамоўную песню
Intelligency выпусцілі новы кліп на песню Malitva Belaruskaja. Дзеянне кліпа адбываецца ноччу ў дэкарацыях, пабудаваных на закінутым заводзе. Па словах стваральнікаў, ідэя роліка натхнёная традыцыйным беларускім лялечным тэатрам – Батлейкай.
«Мы пераасэнсавалі ідэю традыцыйнай батлейкі. У якасці карцін раю мы выкарыстоўвалі працы сучаснай беларускай мастачкі Насці Рыдлеўскай, а касцюмы і аксэсуары для галоўных герояў далі актуальныя беларускія дызайнеры, – распавядаюць рэжысёры прадакшну DVAcinema Маша Манакова і Дзмітрый Ляўкоўскі. – На працягу ўсяго праекта нас пераследвалі дзіўныя супадзенні і знакі, а здымкі праходзілі ў самую кароткую ноч у годзе. У выніку атрымалася страшная казка пра сучасную беларускую рэальнасць, напоўненая метафарамі і сімваламі».
У кліпе зняліся і ўдзельнікі групы – як кажуць стваральнікі, «у вобразе сучасных брэменскіх музыкаў».
«Заўсёды хацелася напісаць нетыповую для сябе кампазіцыю, ды яшчэ і на беларускай мове. Спадзяемся, слухачу спадабаецца такі беларускі вайб. Хочацца верыць, што гэта будзе адзін з самых гучных, яркіх і цікавых рэлізаў ў электроннай музыцы на беларускай мове за апошнія гады», – кажуць удзельнікі Intelligency.
