Ірына Купчанка: На сённяшні час – мы выжываем
Большасць гарадзенскіх актораў з лістапада 2021 году засталіся без працы, частка з іх з’ехала за мяжу. У горадзе засталіся адзінкі, каторым прыходзіцца выжываць.
Кажа гарадзенская акторка Ірына Купчанка:
– Правільнае слова – выжываць. Таму што для творчага чалавека нельга знаходзіцца без пастаяннай работы. Таму што псіха-фізіка актора патрабуе пастаяннага трэнінгу. Рабіць штосьці прафесійна, на жаль, зараз немагчыма. І гэта балюча, гэта непрыемна, гэта змаганне з пачуццём несправядлівасці, таму што я дакладна ведаю, што не зрабіла нічога кепскага.
Па словах Ірыны, зараз таксама перыяд пошуку яе як акторкі:
– Ідзе пошук. Усё роўна ёсць матэрыял, з якім мы працуем, які мы плануем рэалізаваць – я і творчыя калегі. І я спадзяюся, нават упэўнена, колькі вяровачцы не віцца, усё роўна канец будзе. Усе мы спадзяемся на станоўчы вынік. Усе мы ўпэўнены, што ўсё будзе добра. І абавязкова адбудзецца ўсё, што намі задумана. Я даклада ведаю, што гледачу гэта вельмі цікава, бо глядач моцна засумаваў па творчасці.
Акторка па магчымасці прымае ўдзел у розных пастаноўках, што спрабуюць рабіць гарадзенскія тэатралы, а таксама ў культурніцкіх ініцыятывах, і пакуль не збіраецца з’язджаць у эміграцыю.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча
