IT-кампанія Andersen падаравала Віцебску летні кінатэатр



Тройчы на тыдзень – па пятніцах, суботах і нядзелях – у дворыку тэхналагічнага ўніверсітэту паказваюць відэаролікі пра высокія тэхналогіі, фрагменты TED-канферэнцый і мастацкія фільмы пра развіццё навукі.

Паводле Настассі Лаўрыновіч, супрацоўніцы кампаніі Andersen і вядучай кінасеансаў, гледачоў тут чакаюць у жніўні, а магчыма, яшчэ і ў верасні – калі будзе добрае надвор’е:

– Гэта супольны праект IT-кампаніі Andersen і тэхналагічнага ўніверсітэту. Наша кампанія абсталявала пляцоўку, перасоўныя крэслы, набыла экран. Фільмы паказваюць нашы супрацоўнікі, выбіраюць іх таксама. У нас бывае гарбата, печыва, папкорн – і для гасцей, і для супрацоўнікаў кампаніі, і для ўсіх ахвотных.

У аснове ідэі ляжаў клопат пра псіхалагічнае здароўе супрацоўнікаў, кажа прадстаўніца кампаніі. А ў выніку Віцебск стаў адзіным горадам у Беларусі, якому кампанія Andersen падаравала кінатэатр пад адкрытым небам. Гледачы ацанілі і рэпертуар, і саму магчымасць паглядзець інтэлектуальнае кіно пад летнім зорным небам, працягвае Настасся Лаўрыновіч:

– Шмат людзей прыходзіць новых. Калі на першай сустрэчы было ўсяго чалавек 7-8, і ў асноўным нашы супрацоўнікі, то цяпер збіраецца 25-30, і знаёмых я бачу ўсяго чалавек пяць – астатнія нашы госці, якія даведаліся пра кінатэатр з сацыяльных сетак. У асноўным гэта моладзь, ад 17-ці гадоў, і гэта вельмі прыемна.

Кампанія Andersen – беларуска-украінская, яе прадстаўніцтвы ёсць і ў Расеі. Тут займаюцца web- і мабільнымі распрацоўкамі, а таксама тэставаннем праграмнага забеспячэння. Таксама кампанія Andersen збіраецца арганізаваць у Віцебску бясплатныя курсы для ўсіх, хто цікавіцца высокімі кампутарнымі тэхналогіямі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск