IV Міжнародны пленэр ганчароў у вёсцы Гарадная



Удзельнікі Чацвёртага міжнароднага пленэру ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна заканчваюць працу над сваімі работамі. Аўторак 29 ліпеня ў праграме пленэру так і называецца: “Дзень творчых работ”.

Цягам дня ганчары будуць рыхтаваць пленэрныя вырабы да выставы, а пасля выказваць свае заўвагі і прапановы на круглым стале.

Асабістую плённасць працы на міжнародным форуме ганчароў мы папрасілі ацаніць народнага майстра Беларусі з Менска Наталлю Цэван:

Даволі плённа. Атрымалася, што тры ганчарныя колы, а жадаючых вельмі шмат. Але тут такая рэч, што калі хочаш папрацаваць, то ўсё роўна знойдзеш час і магчымасць. Таму працуецца добра, асабліва ўночы. Вельмі добра, што ў любы час можна прыйсці – дом майстроў адкрыты.

Нягледзячы на завяршэнне работ, мерапрыемства афіцыйна працягнецца да 31 ліпеня. Апошнія два дні, згодна з праграмай, для ўдзельнікаў будуць цалкам экскурсійнымі.

Міжнародны пленэр ганчароў праходзіць у вёсцы Гарадная – унікальным мястэчку, якое, пачынаючы з позняга Сярэднявечча, спецыялізавалася выключна на ганчарстве. Пленэр адбываецца з перыядычнасцю ў 2 гады.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя