Іван Кірчук выступіць у Гомелі



Лідар фолк-гурта „Троіца” Іван Кірчук прадставіць свой монаспектакль „Дарожка мая” перад гомельскай аўдыторыяй. Арганізатары абяцаюць наведнікам, што ў праграме прагучаць традыцыйныя беларускія жалейкі, ліра, смык, а таксама экзатычныя сібірскія гуслі і чаны з Тыбета. У межах монаспектакля будуць выкананы каля 20 народных спеваў, запісаных падчас фальклорных экспедыцый з 1983 года.

Загадчык Гомельскай філіі Веткаўскага музея Пятро Цалка заўважае, што творчасць Івана Кірчука прыводзіць многіх маладых беларусаў да народнай культуры.

— Іван Іванавіч Кірчук — не толькі цудоўны музыка, але яшчэ і фалькларыст, выкладчык, збіральнік фальклору. Ён не проста выконвае гэтыя спевы, ён іх перажывае, праводзіць праз свой унутраны свет. І, відаць, увесь свой унутраны свет ён хоча паказаць у монаспектаклі. Спевы гэта адна справа, а вось монаспектакль — гэта б’яднанне і тэатра, і танца і песні і нейкіх показак, замоў тых жа самых.

Монаспектакль Івана Кірчука „Дарожка мая” пройдзе 14 студзеня ў філіі Веткаўскага музея ў Гомелі. Пачатак канцэрта — а 15-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель