Каб мець у сваім доме „Айчыну”



У Лідскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі “Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”.

Над выданнем некалькі гадоў працавалі разам пісьменнік Уладзімір Арлоў і мастак Павел Татарнікаў. Першыя тры тысячы тыражу разышліся ўжо падчас першых прэзентацый. У сувязі з гэтым выдаўцы надрукавалі дадатковы тыраж гэтай кнігі.

Уладзімір Арлоў, які прэзентаваў кнігу ў Лідзе, адзначыў, што апошнім часам сярод беларусаў назіраецца ўздым нацыянальнай самасвядомасці і таму многія імкнуцца мець сваю “Айчыну” ў доме.

– Таму што гэта кніга працуе на будучыню нашай дзяржавы. Гэта кніга – для кожнай беларускай сям’і, як напісана ў яе анатацыі. Я ведаю, што гэтую кнігу набывалі і падпісвалі ў нас вельмі высокага рангу дзяржаўныя чыноўнікі для сваіх дзяцей, унукаў, увогуле для саміх сябе. І гэты працэс не сканчваецца. Мне ўсё тэлефануюць, прыязджаюць то бізнесоўцы, то дзяржаўныя службоўцы падпісваць гэтую кнігу.

Як зазначыў Уладзімір Арлоў, неўзабаве ў Маскве будзе праходзіць міжнародны кніжны кірмаш. Беларусь на ім, сярод нешматлікіх выданняў, будзе прадстаўляць менавіта кніга “Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі.”

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара