Калектыў Слонімскага драмтэатра звярнуўся да ўладаў



Калектыў дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі драматычны тэатр” звярнуўся да ўладаў Беларусі спыніць тэрор на беларускай зямлі і правесці новыя дэмакратычныя выбары.

У звароце паведамляецца:

Калектыў ДУК «Слонімскі драматычны тэатр» з болем у сэрцы назірае за тым, што адбываецца ў краіне пасля так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Мы выказваем шчырыя спачуванні ўсім пацярпелым у вулічных пратэстах. Мы патрабуем ад уладаў спыніць вайну супроць свайго народу.

Вы гаварылі пра «майдан», вы яго і зрабілі. Цяпер  вы спрабуеце пераканаць увесь свет, што ў акцыях пратэсту ўдзельнічаюць адны злачынцы,  крымінальнікі і лайдакі. Але, на наш погляд, злачынцы – гэта тыя, хто парушаючы закон, а таксама нягледзячы хто перад імі – мужчына ці жанчына, маладзён альбо чалавек сталага узросту, забівае да смерці  сваіх суайчыннікаў.

Злачынцы – гэта тыя, хто судзіць невінаватых і накладае на іх штрафы і арышты.

Злачынцы – гэта тыя, хто шляхам фальсіфікацыі выбараў крадзе будучыню свайго народу.

Мы патрабуем ад уладаў вызваліць усіх палітзняволеных і правесці новыя шчырыя і празрыстыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выбары з удзелам усіх жадаючых кандыдатаў.

Мы шчыра спадзяемся і верым, што, сапраўды,  закон у нашай краіне пераможа.

ЗАКОН БОЖЫ!

ЗАКОН СУМЛЕННЯ!

ЗАКОН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ!

Беларускае Радыё Рацыя