Каля Гародні ствараюць старажытны карабель вікінгаў



Старажытную ладдзю вікінгаў будуе недалёка ад Гародні, у вёсцы Багушоўка,  гарадзенскі рэканструктар Андрэй Блажэвіч. Праца рэканструктара цягнецца ўжо поўгода, аднак у сярэдзіне жніўня хлопец разам са сваёй камандай ўжо плануе паехаць на Балтыку.

Пра свой карабель распавядае Андрэй Блажэвіч:

– Гэта малая баявая ладдзя. Адносіцца яна да эпохі ранняга сярэднявечча (Х стагоддзе). Будавалася яна па малюнках, археалагічных знаходках, якія выяўленыя ля ўзбярэжжа Даніі. Гэта скандынаўская малая баявая ладдзя, адносіцца да тыпу снэккараў, – так званыя малыя ладдзі для выведчых падарожжаў, а таксама для гандлёвых місій.  Гэта нешта сярэдняе паміж маленькімі рыбацкімі чоўнамі і вялікімі дракарамі, на якіх сотні ваяроў хадзілі ў паходы.

Гарадзенец займаецца сярэднявечнай рэканструкцыяй з 2011 года і плануе свой першы карабель выкарыстоўваць на розных фестывалях і выставах.

Першае, куды плануе патрапіць на сваёй ладдзі Андрэй Блажэвіч, – гэта рэканструтарскі фэст ў літоўскай Клайпедзе.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня