“Каляровыя сны рэчаіснасці” ў Гародні



Гарадзенская выканаўца і вакалістка гурта “Раса Летуценнікаў” Дар’я Багаслова ў прасторы “Музычная палітра” зладзіла выставу “Каляровыя сны рэчаіснасці”.

На выставе некалькі дзясяткаў каляровых незвычайных працаў,  пра якія распавядае сама аўтарка:

– Як такія цыклы я не задумваю, але, хутчэй за ўсё, само жыццё – гэта цыкл маленькіх адчуванняў, уражанняў. У прынцыпе, гэтая выстава канцэптуальна называецца “Каляровыя сны рэчаіснасці”, то бок каляровыя мары рэчаіснасці. Гэта можна назваць пульсацыяй унутранага космасу. Пастаянныя адчуванні, перажыванні і спроба асэнсавання з’яў, якія не паддаюцца нейкаму лагічнаму аналізу. 

 Сваімі ўражаннямі дзеляцца гарадзенцы, што прыйшлі на выставу:

– Дар’я, пэўна, мастак такі цікавы, як і музыка. Гэтая выстава навявае выявы Чарлёніса, толькі з дадаткам гламуру.

– Напэўна, асаблівасць у тым, што такое за пяць хвілін не створыш. Тут столькі карпатлівай працы.

– Не толькі музыка, але і мастачка. Гэта вельмі цікава. Яе музычныя творы плаўна перацякаюць у гэтыя палотны. Мастацтва і музыка – гэта непадзельна. Яна таленавітая ў двух іпастасях.

 Пасля адкрыцця выставы адбыўся канцэрт гурта “Раса летуценнікаў”. Выставу магчыма паглядзець да 16 красавіка 2021 года на 1-м паверсе гарадзенскай філармоніі, дзе і знаходзіцца выставачная пляцоўка “Музычная палітра”.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сергея Апановіча