Кампазітар, які любіў Беларусь
Да 140-годдзя Станіслава Казуры
Кампазітар Станіслаў Казура нарадзіўся ў фальварку Тэклінаполь былога Свянцянскага павету Віленскай губерні (цяпер Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) 2 жніўня 1881года (па іншай інфармацыі ў 1882 годзе). Але і польская “Encyklopedia Muzyczna” паведамляе, што Станіслаў Казура нарадзіўся ў 1881 годзе. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, потым працягваў адукацыю ў Вільні, у тым ліку і музычную. Бацькі хацелі, каб сын стаў медыкам, таму адразу накіравалі яго ў Дзвінск вучыцца на ўрача. Але яго цягнула да музыкі. Не закончыўшы вучобы, ён у 1906 годзе арганізаваў з рабочых фабрыкі лакаматываў горада Дзвінска духавы аркестр, а пры парафіі мясцовага касцёла стварыў таварыства спевакоў ”Лютня”.
У 1907 годзе Станіслава Казуру запрасілі працаваць арганістам у Нясвіж, дзе ён арганізаваў змешаны хор, які вызначаўся высокім прафесіяналізмам, нават выконваў “Лотэрыю”, складаны музычны твор Станіслава Манюшкі. Па пратэкцыі музычнага дзеяча дэкана Дзвінскага касцёла Секлюцкага і пры падтрымцы і апякунстве Радзівілаў у 1907 годзе Станіслаў Казура паступіў у Варшаўскую кансерваторыю. А потым працягваў сваю музычную адукацыю ў Рыме, дзе ў 1914 годзе скончвае Акадэмію Святой Цэцыліі (Accademia Nazionale di Santa Cecilia), а таксама ў Парыжы.
Жывучы ў Варшаве, кампазітар арганізаваў у філармоніі хор, які налічваў дзвесце ўдзельнікаў. Ён выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі сальфеджыо, садзейнічаў выданню дзяржаўнага дэкрэту аб абавязковым навучанні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Пры Варшаўскай кансерваторыі Станіслаў Казура арганізаваў факультэт па вывучэнні музыкі і спеваў у агульнаадукацыйных школах. Для гэтага факультэта ён напісаў і выдаў дзесяткі дапаможнікаў па спевах.
Кампазітар аднавіў гістарычную капелу рарытарыстаў, арганізаваў хор “300 дзяцей з Павісля”, вялікі хор “Польская народная капэла”. Усе гэтыя музычныя калектывы выступілі з сотнямі розных канцэртаў.
Станіслаў Казура (справа другі), крайняя справа сядзіць яго жонка, 1939 г.
Падчас Другой сусветнай вайны ў акупаванай немцамі Варшаве Станіслаў Казура пры Апякунскай Радзе адкрыў тайную кансерваторыю. У ёй працаваў сам, а таксама яго жонка і іншыя выкладчыкі-патрыёты. У час Варшаўскага паўстання, калі навокал рваліся снарады і бомбы, Казура арганізаваў у кансерваторыі “хвіліны класічнай музыкі”, якія падтрымлівалі патрыятычны дух змагароў.
Пасля вайны прафесар Станіслаў Казура першы пачаў адраджаць Варшаўскую кансерваторыю, пазней – Дзяржаўную вышэйшую музычную школу, у якой быў з 1945-га па 1951 год рэктарам. Ён – адзін з ініцыятараў стварэння ў 1956 годзе “Саюза польскіх кампазітараў”.
Станіслаў Казура вельмі любіў Беларусь, родныя мясціны, людзей, народныя беларускія песні. Ён ніколі не цураўся свайго беларускага паходжання. Яго жыццё пастаянна было звязана з беларускім рухам, хоць і пражыў большую палову свайго жыцця ў Польшчы. Да Першай сусветнай вайны ён прымаў удзел у Беларускім студэнцкім гуртку ў Пецярбурзе. Шмат дапамагаў матэрыяльна студэнтам-беларусам, вучыў іх бясплатна ў Варшаўскай кансерваторыі і ўсюды за іх заступаўся. У 1936 годзе Станіслаў Казура беларусам у Варшаве дапамагаў ствараць Асветнае беларускае таварыства (іншыя яго згадваюць як Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве). Гэтае таварыства было створана восенню 1936 года і праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Станіслаў Казура дапамагаў таварыству матэрыяльна на працягу ўсяго часу яго існавання. І сам вельмі актыўна прымаў удзел у многіх мерапрыемствах беларускай арганізацыі. А ў канцэртных мерапрыемствах Асветнага беларускага таварыства часта гучалі яго песні. Часопіс “Шлях моладзі” (1937, № 15. С.14) пісаў: “8.11.37 г. Станіслаў Казура атрымаў музычную ўзнагароду м.Варшавы за пашырэнне культу народнай песні. Прафесар С.Казура, між іншым, прыгожа згарманізаваў некалькі беларускіх народных песьняў. Жыве прафесар Ст.Казура стала ў Варшаве, там таксама выйшла некалькі ягоных школьных падручнікаў аб спеве. У мінулым годзе праф.Ст.Казура напісаў оперу “Powrót” на аснове беларускіх народных мелодыяў”. Дарэчы, да оперы “Powrót” (“Вяртанне”) кампазітар напісаў лібрэта, а ў фінал уключыў беларускую жніўную песню, апісаў некалькі беларускіх танцаў. А Рыгор Шырма ў часопісе “Беларускі летапіс” (1937, № 5. С.108) паведамляў: “Нядаўна артыст Міхал Забэйда-Суміцкі напяяў на грамафонныя пліты дзесяць песень, сярод іх і песьні Ст.Казуры “Зялёны дубочак” і “Чаму ж мне не пець”.
У 1930-х гадах славуты кампазітар часта наведваў родную Пастаўшчыну. Ён гасцяваў у сваіх сяброў і сваякоў, хадзіў па вёсках і запісваў народныя песні. Як паведамляе краязнавец Яська Драўніцкі (Westki.info. 27.01.2013), на Пастаўшчыне Станіслаў Казура запісаў шмат беларускіх народных песень, 12 з іх апрацаваў для аматарскага хору і голасу сола. Гэта былі песні “Чырвоная калінанька”, “Зялёны дубочак”, “Чаму ж мне не пець”, “Як памерла матулька” і іншыя. Пры апрацоўцы песень кампазітар змог выявіць народную душу ў песнях, а таксама тонкія і далікатныя перажыванні. Дарэчы, “Беларускі каляндар” (Беласток) за 1980 год апублікаваў ноты Станіслава Казуры да беларускіх народных песень “Вярба”, Зязюленька”, “Зашумела дубровачка”, “Калінанька”, “Камар у лазні паліў” і “Чаму не жаніўся”. Дарэчы, гэты “Беларускі каляндар” апублікаваў і невялікія ўспаміны пра Станіслава Казуру Віктара Шведа, дзе ён падкрэслівае, што “Станіслаў Казура – гэта быў кампазітар, якога творчасць абапіралася на фальклоры. Ён з’яўляўся прапагандыстам і збіральнікам народных песень з усёй Польшчы, у тым ліку і беларускіх”.
У 1956 годзе Станіслаў Казура разам з беларусамі сталіцы Польшчы прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйным з’ездзе аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ) у Варшаве. А 18 студзеня 1957 года ён прысутнічаў на першым сходзе Выдавецкага камітэта пры БГКТ. Выступаючы ў дыскусіях, пан Казура тады сказаў, што побач з мастацкай і навуковай літаратурай Камітэт павінен займацца і апрацоўкай, а таксама выданнем беларускага песеннага фальклору. І сам ён у той час паабяцаў падрыхтаваць зборнік беларускіх народных песень у сваёй апрацоўцы. Але, на жаль, не паспеў.
У 2019 годзе ў Паставах была ўрачыста адкрыта мемарыяльная шыльда кампазітару-земляку.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара
