Канцэрт на 8 жніўня ў Берасці адменены
Пра гэта ў сваім тэлеграм канале паведаміў старшыня Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту Аляксандр Рагачук. Але сцэну на Вяслярным канале пакуль што не разбіраюць.
– Канцэрт павінен быў стаць часткаю агітацыйнай праграмы ў падтрымку дзеючага прэзідэнта. Але яшчэ ўчора, 6 жніўня, гурты ды асобныя выканаўцы пачалі адзін за адным адмаўляцца ад удзелу. Спачатку ў сваіх сацыяльных сетках яны напісалі, што па просьбе фанатаў, але пасля — ужо сёння, 7 жніўня, з’явіліся допісы — прычынай стаў каронавірус.
Пры гэтым артысты не выключаюць, што ў восеньскі перыяд яны ўсё ж змогуць прыехаць у Беларусь, згодна афіцыйнай версіі — усё будзе залежыць ад эпідэміялагічнай сітуацыі.
Не зразумелым застаецца, чаму ўлады самі не паклапаціліся пра здароўе і бяспеку жыхароў рэгіёну, пры гэтым прызначылі канцэрты з колькасцю ўдзельнікаў у тысячы чалавек і ледзь не дапусцілі такую ж памылку як і 9 траўня.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
