Канверты, прысвечаныя вядомым асобам Беларусі



Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белпошта”  на працягу ўжо некалькіх гадоў выпускае серыю паштовых канвертаў, прысвечаных вядомым асобам Беларусі. Гэта добрая справа Белпошты, якая дапамагае яшчэ раз прыгадаць вядомых асобаў нашай Бацькаўшчыны і ўшанаваць іх на канвертах.

Сярод канвертаў серыі “Вядомыя асоба Беларусі” свет пабачылі канверты, прысвечаныя літаратару і выдаўцу Яну Баршчэўскаму, артысту Паўлу Кармуніну, паэту Сяргею Грахоўскаму, дыпламату Іосіфу Гашкевічу, археолагу і гісторыку Яўстафію Тышкевічу, кампазітару Анатолю Багатырову, этнографу і фалькларысту Аляксандру Сержпутоўскаму, паэту і перакладчыку Адаму Гурыновічу, пісьменніку Ядвігіну Ш., тэатралазнаўцу і педагогу Уладзіміру Няфёду, пісьменніку і мастаку Карусю Каганцу і іншым асобам.

Амаль на ўсіх канвертах з адваротнага боку напісана біяграфія кожнага вядомага беларуса. Канверты Белпошта рыхтуе да выдання па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара