Каралі і князі вярнуліся ў „Сядзібу Нямцэвічаў”



Партрэты вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх: Ягайлы, Яна Сабескага, Станіслава Панятоўскага ды іншых цяпер можна пабачыць у залі музею „Сядзіба Нямцэвічаў”, што ў Скоках.

15 партрэтаў гістарычных асобаў у выкананні мясцовых мастакоў прадставілі на адмысловай выставе пад назвай „У пошуках страчанай калекцыі”.

Кажа дырэктар музею „Сядзіба Нямцэвічаў” Сяржук Семянюк:

– Ідэя адкрыцця выставы да нас прыйшла ўжо даўно – ад пачатку працы музею. Ва ўспамінах Нямцэвіча, у розных дакументах мы чыталі, што ў гэтай сядзібе былі партрэты відных дзеячаў, манархаў Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі і Вялікага Княства Літоўскага. Усё ўпіралася ў фінансаванне. Так здарылася, што ў канцы мінулага года нам перапала трохі грошай, частку з іх мы вырашылі пусціць на аднаўленне, напісанне. Працавалі з нашымі мастакамі горада Берасця – у выніку 10 прац, 10 партрэтаў.

Стварэнне яшчэ пяці партрэтаў падтрымала Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці, кажа Генеральны консул Пётр Казакевіч:

– Нам вельмі прыемна, што нас запрасілі, каб падтрымаць гэты праект. Асоба Нямцэвіча, які быў уласнікам гэтага будынку, а таксама тэма выставы – гэта тое, што нас цікавіць. Гэта партрэты каралёў Рэчы Паспалітай, таму гэта гонар для нас.

Неўзабаве партрэты размесцяць у музеі „Сядзіба Нямцэвічаў”. Вядома, што прадстаўнікі роду Урсын Нямцэвічаў збіралі і захоўвалі партрэты дзяржаўных дзеячаў, але цяпер гэтая калекцыя лічыцца страчанай. Супрацоўнікі музею паспрабавалі аднавіць страчаную калекцыю. Над партрэтамі працавалі мастакі: Мікалай Грушчанкоў, Анжаліка Вакуліч і Цігран Джавадзян.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя