“Кароль рэпартажу” з Палесся



У Пінску адзначаць дзень народзінаў вядомага польскага пісьменніка і журналіста Рышарда Капусцінскага. Як вядома, ён нарадзіўся 4 сакавіка 1932 года ў Пінску, дзе жыў з бацькамі да Другой Сусветнай вайны.

Каб ушанаваць памяць земляка Пінская цэнтральная гарадская бібліятэка правядзе творчы вечар “Легенда рэпартажу”.

kapuscinski

Фота Пятра Залускага „Р. Капусцінскі. У лодцы на Піне”

Пінск займаў важнае месца ў жыцці і творчасці Капусцінскага, у ягоным доме нават была адмысловая палічка, дзе ён збіраў інфармацыю пра родны горад, адзначыла бібліятэкарка Алена Рамановіч:

— Калі ты любіш Пінск, агульную мову з Капусцінскім заўсёды знойдзеш. Ён хацеў напісаць кнігу пра Пінск. Ён заўсёды вяртаўся сюды. У ягоным доме была паліца, на якой ён збіраў матэрыялы пра Пінск. Наша мясцовая рэпарцёрка Іна Дземет дасылала яму матэрыялы пра Пінск. Ён вельмі любіў свой горад. Калі вы чыталі ягоную «Імперыю», дык яна пачыналася з успамінаў пра Пінск.   

У Пінску на доме, дзе жыў Капусцінскі ў 2007 годзе, ўсталявалі мемарыяльную шыльду, а ў 2012 годзе Пінская польская школа атрымала права называцца імем знанага земляка. Летась гарадскія ўлады прынялі рашэнне, каб надаць імя Рышарда Капусцінскага адной з вуліцаў Пінска.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск