Карцінная галерэя ў Жодзіне зменіць экспазіцыю



У Жодзінскай мастацкай карціннай галерэі, якая адкрылася ў ліпені 2014 года і размясцілася на другім паверсе адрамантаванага будынка былога ПТВ па вул. Дзеравянкі 14-Б, у цяперашні час праходзіць чарговая выстава жодзінскіх мастакоў – „Калядная”.

На выставе прадстаўлены творы Віктара Навіцкага, Мікалая Шышлова, Аляксандра Фраленкова, Ігара Скачкова, Юрыя Праскуракова, Сяргея Цігарава, Аляксандра Казака ды інш.

Распавядае Аляксандар Казак:

– Адкрылі мы сваю выставу сёлета на Каляды. Адкрываліся тут з імпрэзай ды невялічкім такім перфомансам. Да нас завіталі беларускія дзеткі, спявалі песні – было цікава. Але людзей не было шмат, усё гэта ў нас толькі-толькі яшчэ пачынаецца. Мы ўсе тут пакуль – на пачатковым этапе. Плануем далей знаёміць людзей з нашай творчасцю.

Сярод нацюрмортаў, партрэтаў і пейзажаў на выставе, сапраўды, можна ўбачыць і глыбока філасофскія працы, якія прымушаюць гледачоў задумацца ды паразважаць над сэнсам жыцця, сутнасцю чалавечай прыроды або станам навакольнага асяроддзя і грамадства.

У хуткім часе мастакі плануюць прадставіць свае новыя творы. 28 лютага мастацкая галерэя ў Жодзіне зменіць сваю „Калядную” экспазіцыю на новую – „Вясновую”.

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя