Каталікі адзначаюць Узвіжанне крыжа Гасподняга



Каталікі Беларусі адзначаюць свята Ўзвіжання крыжа Гасподняга. У гэты дзень вернікі трываюць строгі пост. Крыж – гэта краевугольны сімвал хрысьціянскай веры.

Кажа святар грэка-каталіцкай Царквы айцец Андрэй Крот:

– У старажытным Рыме крыж быў прыладай найбольш ганебнага і пакутнага пакарання небяспечных злачынцаў. Да  смерці на крыжы прысуджалі нявольнікаў і бунтаўнікоў. Аднак у традыцыйным хрысціянскім разуменні крыж стаўся перадусім не знакам ганебнай смерці Госпада. Крыж – сімвал дабравольнай ахвяры Ісуса Хрыста і божай любові. У Евангеллі паводле Іаана чытаем: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў сына свайго адзінароднага, каб кожны, хто верыць у яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё”.

У гэты дзень і цягам тыдня вернікі пакланяюцца крыжу, які ўпрыгожаны кветкамі ляжыць на тэтраподзе храмаў.  Гэтае свята яшчэ раз нагадвае пра задачу дабрачыннасці, якая стаіць перад людзьмі веры.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя