Хелена Мерааі на „Еўрабачанні-2017” выступіць пад 5-м нумарам



Прадстаўніца Беларусі на Міжнародным дзіцячым конкурсе песні „Еўрабачанне-2017” Хелена Мерааі выступіць пад пятым нумарам. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце конкурсу.

Канчатковы парадак выступленняў канкурсантаў адобраны Еўрапейскім радыёвяшчальным саюзам. Адкрые шоу Ніколь Нікалау з Кіпра – яна будзе выступаць пад першым нумарам. Прадстаўнік краіны-гаспадыні Грыгал Кіпшыдзэ выступіць дзявятым. Такі парадак быў вызначаны яшчэ ў ходзе цырымоніі адкрыцця конкурсу, якая адбылася 20 лістапада ў Тбілісі.

Пазней пастаноўшчыкі вызначылі нумары выступленняў іншых канкурсантаў. Прадстаўніца Польшчы Алісія Рэга выступіць другой. Група Fource з Нідэрландаў прадставіць сваю краіну пад трэцім нумарам. Міша (Мікаэл Грыгаран) з Арменіі выступіць чацвёртым, Марыяна Венансія з Партугаліі – шостай, Мюрэн МакДонэл з Ірландыі – сёмай, Міна Блажаў з Македоніі – восьмай, Ана Кодра з Албаніі – дзясятай. Далей па чарзе выступяць Настасся Багінская з Украіны, Джанлука Чылія з Мальты, Паліна Багусевіч з Расеі, Ірына Бродзіч і Яна Паўнавіч з Сербіі, Ізабэла Кларк з Аўстраліі.

Дзіцячае „Еўрабачанне-2017” пройдзе 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія). Дэлегату ад Беларусі – Хелене – 14 гадоў, яна ўдзельнічала ў трэцім сезоне шоу „Голас. Дзеці” ў камандзе Дзімы Білана. Выступала на конкурсе „Дзіцячая Новая хваля – 2016” у складзе трыа „Эйва”, дзе дзявочы калектыў стаў пераможцам. Уладальніца ўзнагарод шматлікіх конкурсаў. Спявае больш за восем гадоў.

belta.by