Хор “Ave Maria” пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім адзначыў юбілей



20-гадовы юбілей адзначыў хор “Ave Maria” пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім. На свята прыехаў павіншаваць хор і яго заснавальнік ксёндз Пётр Урубель з Заслаўя. З нагоды свята хор даў канцэрт у глыбоцкім касцёле.

Спевы выконваліся на беларускай і польскай мовах. Пасля адбылося набажэнства, якое скончылася гімнам “Магутны Божа” ў выкананні хору.

Як кажа кіраўнік хору “Ave Maria” Ганна Шакола, у рэпертуары калектыва ў асноўным песні на беларускай мове, але яны спяваюць таксама на польскай, італьянскай і лацінскай мовах.

– Мы спяваем на розных мовах. У асноўным у нас, канешне, творы беларускіх аўтараў. Я і сама пішу музыку, і мае песні спяваюць дзяўчыты на словы мясцовых аўтараў – Віталя Гарановіча, Лены Пажогі, а таксама Марыі Ючкавіч з вёскі Сітцы Докшыцкага раёна. На словы Марыі Гербец спяваем – гэтая аўтарка з Гарадзеншчыны. У асноўным  у нас беларускі рэпертуар.

Хор “Ave Maria” неаднаразова ўдзельнічаў у разнастайных айчынных і міжнародных  фестывалях  і конкурсах. На Усебеларускім конкурсе на лепшую песню да 500-годдзя Будслаўскай святыні перамагла песня ў яго выкананні.

Цалкам гутарку з кіраўніком хору Ганнай Шакола слухайце ў далучаным файле:

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя