“Кінемо”: пяты фэст нямога кіно ў Гародні



У Гародні распачаўся пяты фэст нямога кіно “Кінемо”. Мерапрыемства адбываецца 6-8 ліпеня, старыя стужкі дэманструюцца ва ўнутраным дворыку Музея рэлігіі.

Пра адметнасці фестывалю распавядае арганізатарка паказаў старых фільмаў  у Гародні Марына Буткевіч:

– У гэтым годзе ў нас пяты фестываль у Гародні. Мы ўпершыню прыехалі ў 2014 годзе і нават не думалі, што ён стане штогадовым. Класічныя тры дні, тры вечары, тры стужкі. Верагодна гэты юбілейны фестываль адрознівае тое, што ўсё больш вядомых музыкантаў мы запрашаем. Планка падвышаецца.

Для рэжысёра і аднаго з арганізатараў праекта “Cinemascope” Георгія Гліка паказы ў Гародні з’яўляюцца зборам лепшых фільмаў

– Праграма некалькі абмежаваная, але мы захоўваем адну традыцыю, ад якой мы не адмовімся ні ў Менску, ні ў Гародні. Першы дзень – гэта камедыя, якую агучвае класічны тапёр. Другая стужка – гэта жанравае кіно, маштабнае. Традыцыйна ў заключны дзень кароткаметражныя фільмы, якія агучваюць музыканты. І гэтыя фільмы заўсёды выклікаюць шмат цікавасці, бо розныя фільмы, можна паглядзець розных акцёраў, розны падыход да рэжысуры.

Паказы фестывалю “Кінемо” ў Гародні распачынаюцца а 22-й гадзіне, а музыку другога дня фэста будзе выконваць адмыслова запрошаны музыка з Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня