Кірмаш „Казюкі” пройдзе ў Гародні ў суботу



Традыцыйнае свята рамеснікаў „Казюкі” адбудзецца ў гэтую суботу  ў Гародні. Майстры народнай творчасці з усёй рэспублікі і нават, нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, з-за мяжы прадставяць свае работы. Выстава-кірмаш па традыцыі размесціцца ў самым цэнтры горада на Савецкай плошчы, перадае «Гродна Плюс».

Свята рамеснікаў „Казюкі” праводзіцца ў Гародні больш за 20 гадоў. І гэты год не стане выключэннем, ужо 6 сакавіка плошча Савецкая ператворыцца ў вялікі рамесны гарадок, дзе кожны зможа знайсці сабе ўнікальныя дэкаратыўныя рэчы па душы.

– На сённяшні дзень паступіла каля 160 заявак ад рамеснікаў і майстроў народнай творчасці. Заяўкі атрымалі не толькі ад рамеснікаў вобласці, але і ад усіх рэгіёнаў нашай краіны і нават з Украіны, – кажа намеснік начальніка аддзела культуры Гарадзенскага гарвыканкама Галіна Ерэміновіч.

У праграме свята: абрад пасвячэння ў рамеснікі, вялікі распродаж вырабаў ручной працы, будзе арганізаваны «Кавальскі двор», дзе ў фармаце майстар-класаў кожны зможа паспрабаваць сябе ў ролі рамесніка і, вядома ж, канцэртная праграма.

Пачатак свята а 10 гадзіне на плошчы Савецкай.