“Класіка і этнамадэрн” Віктара Маркаўца ў Нацыянальным музеі



4 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася персанальная выстава Віктара Маркаўца “Класіка і этнамадэрн”. У экспазіцыі прадстаўлена каля 30 жывапісных твораў мастака.

Віктар Маркавец (1947–2013) належыць да тых айчынных мастакоў і дзеячаў мастацтва, заахвочвальным матывам творчасці якіх была цікавасць да нацыянальнай гісторыі, культуры, фарміравання, развіцця нацыянальнага стылю.  Партрэт, пейзаж, нацюрморт, карціна – ва ўсіх жанрах станковага жывапісу Віктар Маркавец стварыў выдатныя творы, сказаў сваё, часам унікальнае, слова. Але гэтымі рамкамі яго творчасць не абмяжоўвалася. Майстар пакінуў яркі след і ў галіне адроджанага традыцыйнага народнага маляванага дывана, так званай “маляванкі”, напісаўшы немалую колькасць разнапланавых работ падобнага кшталту на мяжы традыцыйнага і прафесійнага, станковага і прыкладнога мастацтваў.

Незвычайным вопытам злучэння філасофскай думкі і станковага жывапісу з’яўляецца шэраг праектаў Віктара Маркаўца і Алеся Разанава пачатку 1990-х гадоў.

Вянчае разнастайныя праявы мастацкага, паэтычнага, педагагічнага дару Віктара Маркаўца работа па роспісе цэркваў у Докшыцах, вёсцы Сітцы Докшыцкага раёна, старажытным Заслаўі, дзе майстар пражыў апошнія 25 гадоў.

Выстава будзе працаваць да 15 сакавіка 2020 года.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя