Кніга пра беларускі рух падчас Другой сусветнай вайны



У Польшчы выйшла з друку манаграфія “Беларускі незалежніцкі рух падчас Другой сусветнай вайны”. Аўтар манаграфіі – гісторык Юры Грыбоўскі.

Манаграфія налічвае 464 старонкі. І тыя, хто цікавіцца беларускай гісторыяй падчас гітлераўскай акупацыі Беларусі і пра антысавецкі рух на тэрыторыі БССР, з цікавасцю прачытаюць гэту кнігу. Яна па многіх аспектах суб’ектыўная, і ў некаторых гісторыкаў і краязнаўцаў выданне можа выклікаць розныя меркаванні, але даследчая праца вартае ўвагі і сур’ёзнага прачытання.

Аўтар манаграфіі Юры Грыбоўскі спрабуе грунтоўна апісаць усю гісторыю незалежніцкага беларускага руху падчас Другой сусветнай вайны. Ён паказвае жыццёвую драму беларусаў ва ўмовах канфлікту двух таталітарызмаў – нацыскага і савецкага. Аўтар раскрывае найважнейшыя этапы ў развіцці гэтага руху з улікам палітычных, арганізацыйных і ваенных аспектаў. Падрабязна апісваецца супрацоўніцтва беларускіх актывістаў з Трэцім Рэйхам на тэрыторыі акупаванай гітлераўцамі Беларусі і за яе межамі. Гісторык таксама аналізуе міжнародныя і ідэалагічныя ўмовы калабарацыі.

Юры Грыбоўскі таксама апісвае польска-беларускія адносіны падчас Другой сусветнай вайны, лёс беларускіх актывістаў за незалежнасць у пасляваенны час. Спыняецца аўтар і на спрэчках вакол існавання беларускага антысавецкага руху пасля вайны, ён развенчвае таксама многія міфы савецкіх гісторыяграфіі.

Беларускае Радыё Рацыя